Праект
АБ САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНЫМ СТАНОВІШЧЫ І ЎЗАЕМААДНОСІНАХ З УЛАДАЙ
Рэзалюцыя Кангрэсу Еўрапейскага выбару
Ужо чатырнаццаць год мы змагаемся супраць хамства і цемрашальства сённяшняй улады. Але, да апошняга часу, гэта было змаганьне актыўнай меншасці, адухоўленай ідэаламі свабоды і незалежнасці. Большасць жа беларусаў стаяла ў баку ад нашага змагання, бо прадавала сваю лаяльнасць уладзе за рэгулярнае падвышэнне пенсіяў і заробкаў. І хоць гэтыя заробкі былі ў 2-3 разы меншыя, чым у Польшчы (пры прыкладна роўных цэнах), правячы рэжым,атрымліваючы штогод расійскую цэнавую датацыю ў памеры 8-10 млрд. даляраў, мог пачуваць сябе даволі ўпэўнена і спадзявацца, што гэтая стабільнасць працягнецца яшчэ шмат гадоў.
Бесклапотнае існаванне скончылася ў 2007 годзе, калі Расія абвясціла аб паступовым падвышэнні цэнаў на газ і нафту. За 2007 год адмоўнае гандлёвае сальда з Расеяй падвоілася і склала 8,3 млрд. даляраў. Рэжым падсеў на крэдытную іглу – памер сукупнай знешняй пазыкі (прадпрыемстваў, банкаў, дзяржавы) узрос за 2007 год на 5,7 млрд. даляраў і дасягнуў 10 млрд. даляраў. У 2008 годзе адмоўнае сальда з Расіяй узрасло да 13 млрд. даляраў, а сукупная знешняя пазыка да 14 млрд. даляраў. У першыя чатыры месяцы 2009 года знешняя пазыка ўзрасла яшчэ на 2 млрд. даляраў. Адменай ільготаў у 2007 годзе, спыненнем росту пенсіяў і заробкаў у 2008 годзе, абясцэньваннем (дэвальвацыяй) беларускага рубля на 26% у студзені-лютым 2009 года, Лукашэнка фактычна разарваў той “сацыяльны кантракт” паміж ім і простым народам, які забяспечваў “стабільнасць” рэжыму. Стабільнасці прыйшоў канец. А наперадзе новыя дэвальвацыі, рост цэнаў і беспрацоўя, змяншэнне заробкаў нават у рублёвым выглядзе. Беларусы пачынаюць азірацца па баках і задаваць пытаньні: “Хто вінаваты, што рабіць?”
Эканамічны крызіс набірае сілу. Для большасці жыхароў Беларусі яго
наступствы будуць вельмі цяжкімі. Галоўны абавязак улады — абараніць сваіх грамадзянаў. Але ўлада, якая сёння пануе на Беларусі, ня можа, да і ня хоча працаваць на карысць беларускага народу. Адзінае выйсце з крызісу – гэта разняволенне творчай ініцыятывы людзей, якія могуць прапанаваць новыя ідэі, распрацаваць новыя тэхналогіі, арганізаваць новую вытворчасць. Але менавіта супраць такіх людзей скіраваная ўся велізарная бюракратычная машына. Менавіта на тупой і сляпой рабскай пакоры і на падаўленні любой грамадскай ініцыятывы трымаецца рэжым
асабістай улады. Пазітыўныя змены ў Беларусі магчымыя толькі пасля адхілення правячага рэжыму ад улады, бо менавіта гэты рэжым з’яўляецца галоўнай перашкодай для руху Беларусі ў кірунку еўрапейскай інтэграцыі, грамадскага прагрэсу, нацыянальна-культурнага адраджэння і матэрыяльнага дабрабыту ўсіх жыхароў Беларусі.
21 чэрвеня 2009 года, г.Мінск
Праект
У АБАРОНУ БЕЛАРУСКАГА ПРАДПРЫМАЛЬНІЦТВА
Рэзалюцыя Кангрэсу еўрапейскага выбару
Велізарная эканамічная падтрымка з боку Расіі дазваляла беларускім ўладам ігнараваць патрабаванні прадпрымальнікаў аб правядзенні эканамічных рэформ, каб пазбегнуць рэформ палітычных. Улады навязалі ўласнікам “правілы гульні”, якія супярэчаць нормам Канстытуцыі і здароваму сэнсу рынкавых адносін. Адміністрацыйны кантроль у эканоміцы паспрыяў росквіту эканамічнай злачыннасці і карупцыі.
Сусветны эканамічны крызіс паставіў перад Беларуссю сур'ёзныя пытанні, ад вырашэння якіх сёння залежыць наша эканамічная і палітычная незалежнасць. Пад яго ўплывам улады заявілі аб “лібералізацыі”, але іх практычныя дзеянні сведчаць аб нежаданні праводзіць рэальныя рынкавыя рэформы. Ціск на малы бізнес не змяншаецца.
Мы падтрымліваем барацьбу прадпрымальнікаў з наменклатурным дыктатам, які стрымлівае іх ініцыятыву і парушае правы ўласнасці, з эканамічнай злачыннасцю і карупцыяй, якія сталі непераадольным бар’ерам на шляху развіцця не толькі беларускага прадпрымальніцтва, але і ўсёй беларускай эканомікі.
Мы выказваем салідарнасць з усімі прадпрымальнікамі, якія зараз незаконна знаходзяцца за кратамі і патрабуем перагляду іх спраў. Восем абвінавачванняў па крымінальных артыкулах за тры гады прад’яўлена прадпрымальніцы з Наваполацка Яўгеніі Бачурнай. Ужо амаль пяць месяцаў за кратамі безпадстаўна, без правядзення следчых дзеянняў утрымліваюцца актывісты прадпрымальніцкага руху Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Ўладзімір Асіпенка. У знак пратэсту Аўтуховіч з 16 красавіка трымае безтэрміновую галадоўку, якая пагражае яго жыццю.
Мы патрабуем спынення ганебнай практыкі пераследу грамадзян за іх палітычныя погляды і неадкладнага вызвалення актывістаў прадпрымальніцкага руху.
Мы разглядаем узровень развіцця прадпрымальніцтва, як адзін з галоўных фактараў нацыянальнай бяспекі. Адмоўнае стаўленне ўлад да малога бізнесу вядзе да эканамічнай стагнацыі і нясе пагрозы для суверэнітэту Беларусі.
21 чэрвеня 2009 года, г. Мінск
